Топ-100
Back

ⓘ Дом па Савецкай вуліцы, 16, Ліда. Месца, на якім стаіць сучасны дом, мае даўнюю гісторыю. Інвентар Ліды 1798 г. апісваў дамы па вуліцы Віленскай: Ад Фарнага кас ..




Дом па Савецкай вуліцы, 16 (Ліда)
                                     

ⓘ Дом па Савецкай вуліцы, 16 (Ліда)

Месца, на якім стаіць сучасны дом, мае даўнюю гісторыю. Інвентар Ліды 1798 г. апісваў дамы па вуліцы Віленскай: "Ад Фарнага касцёла з правага боку знаходзіўся дзедзічны дварок яснавяльможнай пані Едка, у якім пошта". Гэты двор знаходзіўся па абодвух баках вуліцы Віленскай, на месцы, дзе зараз стаіць дом № 16. У доме Едкі на плане горада Ліды 1832 г. паказана пошта. Праз нейкі час гэта нерухомая маёмасць становіцца ўласнасцю прапаршчыка Дарожнага. У 1842 г. гэты дварок быў знішчаны пажарам, а пошту перанеслі ў дом Камінскіх. Пасля чарговага пажару на гэтым пляцы будуецца цэлы комплекс двухпавярховых будынкаў, сярод іх - дом па вуліцы Віленскай, 58, які належаў Фларэнціну Длускаму.

У двары гэтага дома перад Першай сусветнай вайной пачаў працаваць кінатэатр "Нірвана", які належаў Яблонскаму. 31 снежня 1918 г. Лідскі рэўкам правёў гарадскі мітынг у будынку кінатэатра "Нірвана". Акрамя паказаў фільмаў, усе 1920-я гады кінатэатр "Нірвана" быў месцам збораў лідскай грамадскасці і пляцоўкай, на якой выступалі гастралюючыя тэатральныя трупы. Напрыклад, знакаміты віленскі тэатр "Рэдута" 20 лістапада 1928 г. паказваў у Лідзе спектакль "Цар Павел І" па п’есе Меражкоўскага, а ў верасні 1929 г. - камедыю "Прыяцелі", "прадстаўленне прайшло ў перапоўненай зале, чаго Ліда ўжо даўно не бачыла". 14 і 15 студзеня 1930 г. у Лідзе гастралявала Варшаўская опера. На сцэне кінатэатра "Нірвана" былі паказаны два спектаклі - "Галька" і "Кармэн". "Нірвана" была і цэнтрам яўрэйскага культурнага жыцця. Так, у 1931 г. "25 кастрычніка адбыўся першы выступ яўрэйскага драматычнага гуртка ў кінатэатры "Нірвана", рэжысёр тэатра - Бузган". У канцы 1931 г. "інжынер Любес з Палесціны ў кінатэатры "Нірвана" распавёў яўрэям Ліды пра жыццё ў Палесціне. Сабралася каля 200 чалавек".

У 1932 г. сярод уладальнікаў кінатэатраў у Лідзе пачаліся "гонка" - хто першы адчыніць у Лідзе гукавое кіно. Першым імкнуўся стаць уладальнік кінатэатра "Нірвана": "Нарэшце ў Лідзе будзе кіно з гукам. Уладальнік кінатэатра "Нірвана" Яблонскі сказаў, што праз некалькі дзён пачне паказваць у сябе кіно з гукам. Першым гукавым фільмам будзе сусветна вядомы баявік "Парада кахання". … Гэта будзе сенсацыяй у Лідзе". Аднак першым гукавым кінатэатрам у горадзе стаў "Эдысан".

У красавіку 1931 г. падчас кінасеанса ў "Нірване" ад праекцыйнай лямпы загарэлася кінастужка. Узнікла паніка, але кінамеханік Мозель Віцільд хутка загасіў узгаранне. 13 ліпеня 1932 г. у цэнтры горада адбыўся моцны пажар, які пачаўся з дома па Сувальскай, 54. Спачатку агонь ахапіў дах гэтага дома, потым перакінуўся на кінатэатр "Нірвана". З-за моцнага ветру хутка полымя ахапіла суседнія дамы і загарэўся цэнтр горада па вуліцы Сувальскай. Да 20 гадзін вечара агульнымі намаганнямі пажар быў лакалізаваны. Галоўнай цяжкасцю быў недахоп вады, якую прыходзілася падвозіць з Лідзеі, бо толькі гродзенскія пажарныя мелі адмысловы шланг даўжынёй у 300 м і наўпрост пампавалі ваду з ракі. Агонь гарэў да вечара наступнага дня. Найвялікшыя страты панёс Длускі, уладальнік дамоў № 56 і 58, - каля 500 000 злотых пры тым, што гэтыя дамы былі застрахаваны толькі на 145 000 злотых. Кінатэатр "Нірвана" меў страты ў 15 000 долараў, уладальнік "Нірваны" Яблонскі асабіста - у 18 000 злотых.

На месцы кінатэатра "Нірвана" быў збудаваны больш сучасны кінатэатр "Эра", яго ўладальнікам быў Тамашэвіч. "Эра" мела найвялікшую глядзельную залу ў Лідзе. А дом па вуліцы Сувальскай, 58 пасля рамонту атрымаў трэці мансардны паверх. Міжваенныя кінатэатры былі сапраўднымі цэнтрамі не толькі культурнага, але і грамадска-палітычнага жыцця. Уладальнікі кінатэатраў абавязаны былі даваць глядзельныя залы па зніжанай цане ці бясплатна для сходаў разнастайных грамадскіх і палітычных арганізацый, таварыстваў, партый і г. д.

У кінатэатрах праводзіліся гастролі тэатральных труп, напрыклад 20 жніўня 1936 г. у кінатэатры "Эра" выступіла знакамітая трупа Віленскага гарадскога тэатра, ігралася лёгкая эратычная камедыя ў 3-х актах "Каханне ўжо не ў модзе". У пачатку 1937 г. "Кур’ер Віленскі" пісаў:

Праз некалькі нумароў дырэкцыя кінатэатра адказала рэдакцыі:

У тым жа нумары друкуецца аб’ява аб гастролях з 1 сакавіка 1937 г. віленскага тэатра пад кіраўніцтвам вядомай артысткі і заснавальніцы тэатра Ніны Младзеёўскай-Шчуркевіч: "У кінатэатры "Эра" ў 16 гадзін будзе паказана камедыя Стэфана Кедрынскага "Замужняя панна", у 20.30 - п’еса Самерсета Маэма "Святы прамень".

Вясной 1937 г. выязны віленскі тэатр паказваў у "Эры" камедыю Якуба Дэвала "Стэфак" і камедыю Стэфана Кенджынскага "Стары кавалер". А ў маі варшаўскія артысты ў кінатэатры "Эра" паказалі тэатральную камедыю "Цётка Караля", у ролі цёткі выступіў знакаміты кінаартыст таго часу Яўген Бадо. У жніўні 1938 г. у кінатэатры "Эра" выступала тады ўжо славутая Іда Камінская са сваёй камандай, квіткі прадаваліся ў цукерні "Амерыканка". Наогул, практычна кожны тыдзень у кінатэатры "Эра", акрамя паказу кіно, адбываліся культурныя імпрэзы ці грамадскія мерапрыемствы.

Летам 1939 г. у кінатэатры "Эра" змяніўся дырэктар. Замест К. Тамашэвіча пачаў працаваць Ежы Длускі, які для гэтага адмыслова пераехаў жыць у Ліду. Кіно ў горадзе было настолькі папулярнае, што ў 1939 г. у гарадской управе "падчас штэмпелявання было скрадзена 48 білетаў у "Эру". Аднак кантралёр кінатэатра Рулько падчас праверкі білетаў вызначыла тры крадзеныя білеты. Дырэктар Длускі заявіў у паліцыю".

У 1941 годзе дамы па вуліцы згарэлі. Цудам застаўся дом па вуліцы Савецкай, 16, у якім пасля невялікага рамонту, адразу пасля 1945 г., пачаў працаваць гарадскі кінатэатр. З успамінаў гараджан:

У 1955 г. адчынены кінатэатр "Кастрычнік", і будынак па Савецкай, 16 рэканструявалі, на першым паверсе размясцілі дзіцячую бібліятэку і некалькі крам, на другім - гарадскую бібліятэку. Пасля рамонту 2010 г. тут знаходзіцца фірмавы магазін "Віцязь".

                                     

1. Спасылкі

  • Па старонках нашай гісторыі. Цікавы лёс дома №16 па вуліцы Савецкай. 14 верасня 2016
  • На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх