Топ-100
Back

ⓘ Дом па Савецкай вуліцы, 14, Гродна. На месцы будынка стаялі касцёл і бальніца Святога Духа, які быў пабудаваны на ўклад каралевы Боны ад 9 кастрычніка 1551 г. К ..




Дом па Савецкай вуліцы, 14 (Гродна)
                                     

ⓘ Дом па Савецкай вуліцы, 14 (Гродна)

На месцы будынка стаялі касцёл і бальніца Святога Духа, які быў пабудаваны на ўклад каралевы Боны ад 9 кастрычніка 1551 г. Касцёл узводзіўся на так званым Пушкарскім месцы, абарончай мяжы горада 16 ст. З 17 ст. ён выконваў ролю прытулка для галечных і бяздольных. Касцёл праіснаваў да пачатку 19 ст., пасля чаго яго перабудавалі ў Дом міласэрнасці. Будынак меў нехарактэрныя для беларускай архітэктуры рысы - чатыры круглых калоны, прыкметны ўплыў італьянскага дойлідства. Вядома, што касцёл меў невялікія памеры, знаходзіўся ў сярэдзіне комплексу. Першы раз касцёл перабудоўваўся ў 1792, тады па фундацыі віленскага біскупа Ігнацыя Масальскага быў дабудаваны другі паверх, пасля яшчэ ў 1802, 1817, 1843, 1890.

Пасля канфіскацыі касцёла пасля паўстання 1863 - 1864 гадоў, будынак набыў купец Абель Тарлоўскі, які пасля пажару 1885 года перапрадаў дом Іоўну Хозэ. Пасля смерці Хозэ ў 1896 яго сын Альтэрам-Шмуэль перарабіў будынак пад гатэль "Славянскі" на 25 нумароў. Акрамя гатэлю ў будынку Хозэ-малодшага знаходзіўся шырокі спектр устаноў: гэта і пякарня Салавейчыка, і дробны гандаль садавінай Цывы Мышкоўскай, і цырульня Фрэнкеля, і мэбельная крама Урансона, і галантарэйная крама Смажановіча, і суконная крама разам з кравецкай майстэрняй Маркуса Прэнскага, і нават крама пахавальных прынадлежнасцей Г. Баўма. У 1910 у доме працавала "хуткапячатная" Сары Ган, а таксама жыў урач М. Хлявінскі. У 1928 годзе ў якасці ўласнікаў будынка выступаюць тры асобы: Філійс Назарко, Хоша Фрукт і Самуэль Хозэ, у будынку працавала сталоўка "Cynke". Самуэль Хозэ пашырыў гатэль, першы паверх дома здаў "Polski Bank Kresowy", гандлёвы дом "Палонія", рэдакцыя газеты "Grodner moment", гарнізоннае казіно, рэстаран Райнера і кандытарская, выдавецтва Гана і кніжная крама. У канцы 30-х гадоў працавала вінна-гастранамічная крама Мухенберга. Падчас другой сусветнай вайны ў будынку змяшчаўся нямецкі ваенны пансіянат "Стары Сябра", сталоўка якого знаходзілася ў касцёле. У гэты ж час была зруйнавана апсіда касцёла.

Пасля 1944 г. будынак займаў абласны камітэт КПБ, які, перасяліўшыся ў Новы замак, вызваліў яго пад Гродзенскі гарвыканкам у снежні 1952 года. На першым паверсе ў 1945 годзе была адчынена кнігарня "Навука", якая мела гандлёвую плошчу 119 м² і займалася продажам навукова-тэхнічнай літаратуры, букіністычных кніг. Таксама ў савецкі час у будынку знаходзіўся савет Ленінскага раёна таварыства барацьбы за цвярозасць. У канцы XX ст. - выканкам Ленінскага райсавета народных дэпутатаў.

Цяпер будынак займае Аддзел адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна, крама "Мэбля", з боку вуліцы Найдуса - аптэка.

                                     

1. Архітэктура

Двухпавярховы Т-падобны ў плане будынак. Кампазіцыя галоўнага фасада ярусная, сіметрычная. Паверхі аддзелены фрызамі. Цэнтральная частка вылучана 4 пілястрамі, завершана трохвугольным франтонам. Паміж пілястрамі на 2-м паверсе паўцыркульныя аконныя праёмы ў ліштвах, у цэнтры - балкон. Бакавыя часткі вылучаны здвоенымі пілястрамі, паміж якімі размешчаны па 2 збліжаныя акны, і завершаны паўкруглымі франтонамі. Праёмы 1-га паверха прамавугольныя. Завяршальны карніз прафіляваны, з невялікім вынасам. Цокаль абліцаваны керамічнай пліткай.

                                     

2. Літаратура

  • 29. Забудова вуліцы Савецкай // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў гал. рэд. і інш. - Мн.: БелСЭ, 1986 371 с., іл.