Топ-100
Back

ⓘ Адмірал Серпінек. Адміра́л Серпі́нек - польскі штабны карабель, перароблены з расійскага парахода. У 1928 - 1939 гадах служыў у Пінскай рачной флатыліі ваенна-м ..




Адмірал Серпінек
                                     

ⓘ Адмірал Серпінек

"Адміра́л Серпі́нек" - польскі штабны карабель, перароблены з расійскага парахода. У 1928 - 1939 гадах служыў у Пінскай рачной флатыліі ваенна-марскога флота Польшчы.

                                     

1. Гісторыя

Дакладная дата пабудовы і звесткі пра першага ўладальніка судна ў крыніцах не захаваліся. Вядома, што яно з’яўлялася колішнім расійскім пасажырскім параходам "Таццяна", які выкарыстоўваўся для перамяшчэння па Дняпры і Прыпяці. У сакавіку 1919 г. параход быў мабілізаваны ў Прыпяцкую ваенную флатылію СССР у якасці гідраавіяносца. У студзені 1920 года ўвайшоў у склад Дняпроўскай ваеннай флатыліі, дзе выконваў функцыю плывучай базы.

27 красавіка 1920 г. у Чарнобылі параход быў захоплены польскімі войскамі і, пасля рамонта, 1 чэрвеня 1920 г. быў ўключаны ў склад Пінскай рачной флатыліі як грузавое судна "Т-2". Падчас адступлення флатыліі з Украіны і Усходняга Палесся, "Т-2" буксіраваў здабытыя пераважна, у Кіеве катары і параходы. 21 ліпеня 1920 г. ён наблізіўся да Пінска, але быў затоплены экіпажам на Піне праз чатыры дні з-за немагчымасці працягнуць плаванне з прычыны нізкага ўзроўня вады на Каралеўскім канале.

Пасля адыхода палякаў, карабель быў падняты савецкімі вайскоўцамі і адбуксіраваны да Мастоў Валынскіх, дзе праз нездзяйсняльнасць далейшай эвакуацыі зноў быў затоплены.

Неўзабаве па завяршэнні савецка-польскай вайны тэрыторыя Палесся канчаткова адыйшла да Польшчы. У красавіку 1921 г. карабель быў падняты са дна і накіраваны ў Модлін, дзе адбыўся грунтоўны рамонт судна. У 1922 годзе атрымаў назву "Адмірал Серпінек" у гонар Мацея Серпінека - першага польскага адмірала XVI ст. і стаў называцца вайсковым караблём Рэчы Паспалітай, дзеля чаго быў узброены двума станкавымі кулямётамі.

У 1925 годзе карабель быў накіраваны ў школу марскіх адмыслоўцаў у Свецэ на Вісле, дзе выкарстоўваўся як навучальны. Непрацяглы час таксама знаходзіўся ў Гданьскім вайсковым порце і эксплуатаваўся там як месца для харчавання экіпажа караблёў і афіцэраў.

У кастрычніку 1928 г. пад камандаваннем паручніка флота К. Копца карабель адплыў з Гданьска ў Модлін, дзе судна засталося зімаваць. Ад таго часу "Адмірал Серпінек" знаходзіўся ў статусе штабнога карабля Пінскай рачной флатыліі ваенна-марскога флота Польшчы, хаця прыбыў у Пінск толькі ў 1929 годзе. У 1935 г. адбылася перабудова карабля, у ходзе якой быў заменены паравы кацёл.

Згодна з мабілізацыйным планам, у межах выдзеленага адрэзка Прыпяці параход павінны быў весці назіранне за пераходам у раёне Сітніцкага канала. Камандуючым караблём стаў паручнік флота Януш Марцінеўскі.

30 сакавіка 1939 года судна накіравалася да азначанага месца. Па дарозе, у раёне Мастоў Валынскіх, "Адмірал Серпінек" сцягнуў з мялі на глыбокую ваду буксір "Вадалаз".

17 верасня 1939 г. у сувязі з пачаткам пахода Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь камандаванне прыняла рашэнне затапіць параход. Былі адчынены ніжнія клапаны і ілюмінатары, а ў ніжняй частцы судна выразаны адтуліны. Каля 14.00 карабель зваліўся на правы борт і затануў.

"Адмірал Серпінек", падняты савецкімі вайскоўцамі пры дапамозе старой польскай шаланды "К6" у лістападзе 1939 г., неўзабаве быў перабудаваны і ўключаны ў склад Пінскай вайсковай флатыліі пад новым найменнем "Прыпяць".

На самым пачатку Вялікай Айчыннай вайны, 22 чэрвеня 1941 г., "Прыпяць", якая знаходзілася на Дняпры, трапіла пад авіяўдар люфтвафэ, у выніку чаго 1 чалавек атрымаў раненні. 20 ліпеня 1941 года судна было перапраўлена ў Кіеў, дзе 18 верасня пры пакіданні горада карабель быў падарваны экіпажам паводле загада ваеннага савета. У 1944 годзе рэшткі "Адмірала Серпінека" былі выняты з вады і пушчаны на металалом.

                                     

2. Літаратура

  • В. А. Спичаков. "Пинская военная флотилия в документах и воспоминаниях" - Львов: Лига-Пресс, 2009 - 384 с, ISBN 978-966-397-118-2
  • Jerzy Pertek. Wielkie dni małej floty. Wydawnictwo Poznańskie, Poznań, 1987, ISBN 83-210-0542-X
  • Mateusz Borowiak. Zapomniana Flota. Mokrany. Wydawnictwo Finna, Gdańsk, 2006, ISBN 83-89929-80-5