Топ-100
Back

ⓘ Дом Ліўшыца - будынак у Мінску па вуліцы Інтэрнацыянальнай, 16, размешчаны ў квартале, які прымыкае да Верхняга Горада. Пабудаваны ў 1890 годзе як даходны дом, ..




Дом Ліўшыца
                                     

ⓘ Дом Ліўшыца

Дом Ліўшыца - будынак у Мінску па вуліцы Інтэрнацыянальнай, 16, размешчаны ў квартале, які прымыкае да Верхняга Горада. Пабудаваны ў 1890 годзе як даходны дом, а ў 1913 годзе значна перабудаваны. Помнік архітэктуры стылю мадэрн.

                                     

1. Гісторыя

У XIX стагоддзі на гэтым зямельным пляцы вуліцы Зборавай з 1866 года Турэмнай, з 1882 па 1920 Праабражэнскай стаяла драўляная забудова, якая была знішчаная ў часе вялікага пажару 1881 года.

У 1890 годзе купец Гілель Рубінштэйн пабудаваў на месцы знішчанай забудовы двухпавярховы жылы дом з шырокай праязной аркай у цэнтры першага паверха. Апроч гэтага, у канцы XIX - пач. XX стст. на тэрыторыі зямельнага пляца быў узведзены комплекс гаспадарчых пабудоў і мураваны двухпавярховы флігель.

У 1907 годзе гэтыя будынкі і збудаванні набыў мінскі купец Саламон Ліўшыц. Паводле інвентарызацыі 1910 года ўсе памяшканні ў двухпавярховым доме выкарыстоўваліся пад жылыя кватэры. У афіцыне, акрамя жылых пакояў, месцілася слясарная майстэрня.

У 1913 годзе быў распрацаваны і зацверджаны гарадской управай праект грунтоўнай рэканструкцыі двухпавярховага жылога дома купца Ліўшыца. Праект прадугледжваў надбудову трэцяга паверха, а таксама поўную змену архітэктурнага выгляду галоўнага фасада. Праект быў цалкам рэалізаваны, работы скончаныя ў 1913 годзе, пра што сведчыць дата на адным з франтонаў.

За савецкім часам будынак нацыяналізаваны і выкарыстоўваўся як адміністрацыйны. У гады Другой сусветнай вайны будынак не пацярпеў і амаль цалкам захаваў архітэктурнае рашэнне 1913 года, толькі была замураваная шырокая праязная арка.

                                     

2. Архітэктура

Трохпавярховы прамавугольны ў плане, накрыты пакатым двухсхільным дахам. Галоўны фасад мае сіметрычнае кампазіцыйнае вырашэнне. Асноўнымі акцэнтамі кампазіцыі ёсць 3 неглыбокія рызаліты, завершаныя атыкавымі франтонамі трохвугольнай формы з прарэзанымі ў іх паўкруглымі і авальнымі праёмамі. Вокны 1-га і 2-га паверхаў лучковыя, 3-га - прамавугольныя. Сіметрычна па фасадзе размешчаны разнастайнай формы 3 балконы з ажурнай агароджай чыгуннае ліццё. Выразнасць фасаду надае спалучэнне руставаных, шурпатых і гладкіх паверхняў, украпаванне керамічных і шкляных плітак. У будынку размешчаны адміністрацыйныя ўстановы.

                                     

3. Літаратура

  • Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінск / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: С. В. Марцэлеў гал. рэд. і інш. - Мн.: БелСЭ, 1988. - 333 с.: іл. ISBN 5-85700-006-8.