Топ-100
Back

ⓘ Сквер імя Эдварда Вайніловіча - сквер у цэнтры Мінска, размешчаны ў межах гасцініцы Мінск, колішніх даходных дамоў Уніхоўскага і Абрампольскага, Чырвонага касцё ..




Сквер імя Эдварда Вайніловіча
                                     

ⓘ Сквер імя Эдварда Вайніловіча

Сквер імя Эдварда Вайніловіча - сквер у цэнтры Мінска, размешчаны ў межах гасцініцы "Мінск", колішніх даходных дамоў Уніхоўскага і Абрампольскага, Чырвонага касцёла, адміністрацыйнага будынка і вул. Берсана, побач з плошчай Незалежнасці.

На тэрыторыі сквера захаваўся двухпавярховы будынак пачатку XX стагоддзя, у якім цяпер размяшчаецца Музей гісторыі беларускага кіно.

У 1977 годзе ў скверы пабудаваны фантан "Юнацтва". У асіметрычнай формы басейне на 2 гранітных валунах адна супраць адной устаноўлены ўкленчаныя фігуры юнака і дзяўчыны. У руках яны трымаюць чашы, з якіх ліецца вада. Пластыка фігур, роўнядзь вады з астраўкамі зеляніны, ніцыя вербы, строгая велічнасць валуноў ствараюць рамантычны настрой, надаюць упрыманню лірычную ўзнёсласць.

Грамадскасць і каталіцкая супольнасць доўгі час дамагаліся ўвекавечання імя беларускага гаспадарчага, культурнага і палітычнага дзеяча Эдварда Вайніловіча, шырока вядомага як фундатара касцёла Святога Сымона і Святой Алены Чырвоны касцёл, узведзенага ў памяць аб заўчасна памерлых дзецях. У 2007 годзе Камісія па найменаванні і перайменаванні праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых састаўных частак г. Мінска вырашыла перайменаваць вул. Берсана ў гонар Вайніловіча, але гэтага так і не адбылося, паводле афіцыйнай версіі, праз парушэнне заканадаўчага парадку працэдуры, паводле іншых версій - праз супрацьдзеянне праўладных камуністаў.

У 2016 годзе Каталіцкая Царква пачала працэс беатыфікацыі Эдварда Вайніловіча. Акрамя таго на 2017 год прыпала 170-годдзе з дня яго нараджэння. У лютым 2017 года Камісія па найменні і перайменаванні праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых складовых частак Мінска прапанавала назваць імем Эдварда Вайніловіча сквер каля касцёла Св. Сымона і Алены. Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама прымала меркаванні жыхароў горада па прапанаваным найменні. З улікам калектыўных зваротаў грамадзян з просьбай увекавечыць імя Вайніловіча ў гарадской прасторы, якія паступілі яшчэ ў 2015 годзе, "за" было сабрана 2.236 подпісаў, "супраць" - усяго 113. Галоўнымі праціўнікамі прысваення скверу імя Вайніловіча сталі камуністы з партыі "Справядлівы свет", на думку якіх, Вайніловіч меў прапольскія настроі.

16 чэрвеня 2017 года Камісія на чале з намеснікам старшыні Мінгарвыканкама Ігарам Юркевічам з улікам перавагі станоўчых водгукаў грамадзян і меркавання Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук адзінагалосна прагаласавала за наданне імя Эдварда Вайніловіча скверу ў межах вуліц Савецкай і Свярдлова. 27 чэрвеня Мінскі гарадскі савет дэпутатаў прыняў рашэнне аб наданні скверу імя Эдварда Вайніловіча.