Топ-100
Back

ⓘ Комплекс будынкаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі складаецца з трох карпусоў па вул. вул. Петруся Броўкі і двух на перасячэн ..




                                     

ⓘ Комплекс будынкаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі

Комплекс будынкаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі складаецца з трох карпусоў па вул. вул. Петруся Броўкі і двух на перасячэнні вуліц Гікалы і Платонава.

Тры вучэбна-лабараторныя карпусы ўніверсітэта па вул. Петруся Броўкі пабудаваны ў 1967 - 1972 гг. архіт. П. Бяляеў. Яны размешчаны ўздоўж вуліцы і злучаны паміж сабой падземнымі пераходамі.

Архітэктура ўсіх карпусоў БДУІР вытрымана ў адзіным стылі, ёй уласціва манументальнасць і нараднасць кампазіцыі.

                                     

1. Галоўны корпус

Першы галоўны вучэбна-лабараторны корпус вул. П. Броўкі. 6 пабудаваны ў 1967 г. з цэглы і зборнага жалезабетону.

Чатырохпавярховы П-падобны ў плане аб’ём з выступаючымі вуглавымі рызалітамі. Сцены па ўсім перыметры расчлянёны пілонамі. Рытм кампазіцыі галоўнага фасада ствараюць вертыкальныя лапаткі. Усе фасады, за выключэннем дваровага, атынкаваны.

Пад будынкам падвальныя памяшканні. Планіроўка корпуса калідорная з двухбаковым размяшчэннем кабінетаў і аўдыторый. Сувязь паміж паверхамі ажыццяўляецца праз парадную трохмаршавую лесвіцу ў цэнтральнай частцы і па 2 маршавых лесвіцах у бакавых крылах.

                                     

2. 2-і корпус

Другі вучэбна-лабараторны корпус вул. П. Броўкі, 4 пабудаваны ў 1969 годзе па праекце архітэктара П. Бяляева з цэглы і зборнага жалезабетону.

Складаецца з 2 аб’ёмаў, пастаўленых на крутым участку вул. П. Броўкі. Шасціпавяр’ховы прамавугольны ў плане будынак аддалены ад чырвонай лініі забудовы на 10 м. На 1-м паверсе размешчаны прасторны вестыбюль, бібліятэка з кнігасховішчам, чытальная зала. Да паўднёвага тарца шасціпавярховага аб’ёма прыбудаваны прамавугольны ў плане чатырохпавярховы з актавай залай на 900 месцаў і спартыўнымі заламі. Пластыку галоўнага фасада ствараюць жалезабетонныя рэбры на ўсю вышыню будынка. На тарцы выканана каляровае мазаічнае пано.

На ўзроўні 1-га паверха зроблены балкон спартыўнай залы, кабінеты выкладчыкаў і ўрача. У цэнтральным вестыбюлі-фае - 2 рады круглых калон. Планіроўка вучэбнага корпуса калідорная з двухбаковым размяшчэннем аўдыторый. Сцены атынкаваны пад граніт з украпінамі слюды. Міжкалонныя прасценкі маюць зубчастую паверхню. 3 боку двара сцены атынкаваны белай сілікатнай цэглай.

                                     

3. 3-і корпус

Трэці вучэбна-лабараторны корпус узведзены ў 1972 г. Будынак пяціпавярховы, прамавугольны ў плане, на цокалі, з 2 выступаючымі ў бок двара двухпавярховымі аб’ёмамі аўдыторый і спартыўнага комплексу. У корпусе 7 аўдыторый на 100 і 2 на 250 месцаў кожная, гімнастычная і спартыўная залы, плавальны басейн, вучэбны тэлецэнтр. Архітэктурным акцэнтам корпуса з’яўляецца аб’ём 2-га паверха, які кансольна выступае па фронту будынка. Фасадная плоскасць спартыўнага комплексу вырашана ў выглядзе арнаментальнай рашоткі з буйнапамерных тыпавых жалезабетонных блокаў, што надае будынку рэльефнасць і дынамічнасць.

Унутраная планіроўка ідэнтычная 1-му і 2-му карпусам.

                                     

4. 4-ы і 5-ы карпусы

Комплекс на перасячэнні вуліц Гікалы і Платонава пабудаваны ў 1980 г. з цэглы і зборнага жалезабетону архіт. П. Бяляеў, М. Волкаў. Складаную па канфігурацыі плана аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю ўтвараюць вучэбна-лабараторны корпус № 4 і корпус № 5 з вылічальным цэнтрам. Прамавугольны ў плане 5-павярховы вучэбна-лабараторны корпус № 4 мае з боку галоўнага фасада 3 аўдыторыі на 150, з тыльнага фасада 2 аўдыторыі на 250 месцаў кожная. Узбагачаюць пластыку галоўнага фасада спараныя жалезабетонныя рэбры на ўзроўні 3 - 5-га паверхаў. Галоўны ўваход вылучаны буйнымі пілонамі на ўсю вышыню будынка. Корпус № 5 з вылічальным цэнтрам - дзевяціпавярховы будынак складанай у плане канфігурацыі. З’яўляецца дамінантай комплексу.

                                     

5. Літаратура

  • Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінск / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: С. В. Марцэлеў гал. рэд. і інш. - Мн.: БелСЭ, 1988. - 333 с.: іл. ISBN 5-85700-006-8.